Хачу тут змясціць аўтарскі каментарый да сваёй паэмы: Дуброўскі-Сарочанкаў, А. Новае неба. Паэма / А. Дуброўскі-Сарочанкаў // Маладосць. – 2010. – № 2. – С. 100–105.
Ад лірычнага я мае адбыцца пераход да навуковага аўтарскага мы, бо гэтага патрабуе стыль. Гэтак сталася, што аўтар дадзенага тэксту з’яўляецца не толькі паэтам, але і літаратуразнаўцам. Само гэта яшчэ не дастатковая прычына, каб дазваляць сабе аўтакаментарый. Мы цудоўна разумеем пэўную небяспеку. І самы галоўны папрок, які аўтар сам на сябе рызыкуе наклікаць, – маўляў што не сказаў творам, таму не месца ў каментарыях. Але, па-першае, паэт кажа адно, а літаратуразнавец кажа іншае, не дапаўняючы паэта, а па-другое, нелагічна забараняць гаварыць літаратуразнаўцу толькі на той падставе, што ён выказваецца наконт уласнага твора. Сапраўдная ж прычына таго, што мы дазваляем сабе аўтакаментарый, заключаецца ў тым, што нам ёсць што сказаць у навуковым стылі ў сувязі з нашай паэмай, гэтаксама як нам было што сказаць у мастацкім стылі ў ёй самой.
Навуковая этыка патрабуе, каб вучоны спасылаўся на крыніцы, якімі карыстаецца. Навуковыя каштоўнасці ствараюцца не на пустым месцы. Зразумела, што і каштоўнасці мастацкія ствараюцца на падмурку папярэдняй традыцыі. Але пісьменнікі звычайна не спасылаюцца на свае “крыніцы”. Лічыцца, што гэта задача літаратуразнаўцаў – прасачыць уплывы і правесці паралелі. Не будзем спрачацца з гэтым звычаем. І дадзены каментарый з’яўляецца менавіта такой сістэмай спасылак – не чым іншым.
Пэўная сістэма спасылак ёсць і ў самім творы – гэта эпіграфы. Назва нашага твора суадносіцца з назвай паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. У чым сэнс такога суаднясення? Для многіх чытачоў “Новая зямля” – “энцыклапедыя сялянскага жыцця”. У такім разе эпіграфы з гэтага твора ў нашай паэме могуць выклікаць здзіўленне. Але нас засмучае, што, напрыклад, здзіўленне ў некаторых людзей выклікае ўказанне на адзін абсалютна відавочны факт – што сама назва “Новай зямлі” павінна быць суаднесена з тымі біблейскімі словамі, якія мы ўзялі ў якасці першага эпіграфа да нашага твора. Тут варта працытаваць А. Бітава: “І калі мы сустрэнем у газеце загаловак “Время – жить!”, можна сказаць з упэўненасцю, што аўтар заметкі намякаў на Рэмарка, а не на Стары Запавет” (“Пушкінскі дом”). Больш складана суаднесці з Бібліяй саму канцэпцыю “Новай зямлі”. Тым не менш, гэта неабходна. Менавіта гэта і робіць В.А. Максімовіч (“Беларуская літаратура першай трэці XX стагоддзя”). Эпіграф да нашай паэмы з “Новай зямлі” не атрымліваецца скараціць (хоць ён і вялікі): там кожнае слова прынцыповае: і “дарожанькі”, і “далягляд ружова-сіні, дзе так панадна свеціць сонца” (пераход ад зямлі да неба), і “думка”, і “сэрца”, і “новы свет жыцця”. Звернем хіба што ўвагу чытача на тое, што працягам і заканчэннем гэтага тэксту з’яўляюцца тыя тры радкі, якія сталі першым эпіграфам да “Эпілога”. Такім чынам, нашу паэму можна ўспрымаць як разважанне паміж радкоў “Новай зямлі”.
“Уступ” патрабуе адной спасылкі. “Срэбраны ланцужок сэнсу”, які потым паўтараецца ў шостым вершы другой часткі, прымушае нас згадаць вядомага тэарэтыка літаратуры А.М. Андрэева і ягоную кнігу “Классическая русская литература в свете целостного анализа”. Андрэеўская канцэпцыя цэнтральнага канфлікту ў мастацкай літаратуры – канфлікту псіхікі і свядомасці – значна паўплывала на нас. А радкі “…вечны бой у золата і срэбра. Вайна і мір – вось вечны выбар наш” – хіба што не цытата з раздзелу пра Л.М. Талстога з названай кнігі.
Звернем увагу на эпіграфы з М. Лермантава. Шосты верш першай часткі непасрэдна адштурхоўваецца ад лермантаўскага шэдэўра, які і цытуецца ў эпіграфе. “Выхожу один я на дорогу…” – твор, знакаміты акрамя ўсяго іншага яшчэ і тым, што вакол яго вяліся гучныя вершазнаўчыя дыскусіі адносна семантыкі метра, якія былі распачаты К. Тараноўскім (але ўпершыню пытанне ўзняў Р. Якабсон) і кропка ў якіх была пастаўлена М.Л. Гаспаравым. У прыватнасці, М.Л. Гаспараў, разважаючы пра семантыку метра, адзначае, што канкрэтныя памеры валодаюць шэрагам так званых семантычных арэолаў. Каб чытачу адразу стала зразумелай сутнасць пытання, працытуем М.Л. Гаспарава: “У гэтым вершы [“Выхожу один я на дорогу…”] можна вылучыць пяць асноўных, найбольш прыметных матываў: Дарога; Ноч; Пейзаж; Жыццё і Смерць; Каханне… Два больш беглыя матывы – Бог і Песня” (“Метр и смысл”). Адлюстраванне нашай рэцэпцыі названай вершазнаўчай праблематыкі і праявілася ў своеасаблівай “гульні” са сталымі семантычнымі арэоламі пяцістопнага харэя ў вершы “Я стаю, а ўсё ў прыродным свеце…”, хаця гэта і не было самамэтай. Але наша “гульня” не абмяжоўваецца паўтарэннем пэўных матываў… Так, звернем увагу на наступныя радкі розных паэтаў: Выхожу один я на дорогу; Выхожу я в путь, открытый взорам; Выхожу я на высокий берег; Выходила на берег Катюша; Гул затих. Я вышел на подмостки; Выйшаў з хаты. Ціха спіць надворак... Цяпер чытач можа зноў звярнуць увагу на першы радок нашага верша.
Функцыя другога эпіграфа з М. Лермантава – да сёмага верша першай часткі – заключаецца ў акцэнтаванні ідэі пошуку калі не гармоніі, дык нейкага парадаксальнага (або дыялектычнага) адзінства паміж супрацьлеглымі спосабамі быцця. Лермантаўскі парадокс здаецца нам геніяльным: жаданне буры не дзеля самой буры, а дзеля “спакою”.
Другая частка паэмы вымагае наступнай разгорнутай спасылкі. Сучасны біблеіст Н.Т. Райт звяртае ўвагу на тое, што гісторыя Хрыста, як яна выкладзена ў Евангеллях, можа быць адэкватна зразумета толькі ў святле цэнтральнага прароцтва Ісуса – пра разбурэнне ерусалімскага храма. Менавіта яго мы цытуем у эпіграфе да першага верша другой часткі. Прырода біблейскіх прароцтваў увогуле такая, што яны звычайна маюць разнапланавае, рознаўзроўневае здзяйсненне. І цэнтральнае прароцтва Хрыста не з’яўляецца выключэннем. Прароцтва пра разбурэнне храма – гэта прадказанне найвялікшай гістарычнай трагедыі ізраільскага народа і, разам з тым, папярэджанне чалавеку пра немінучае разбурэнне яго ўласнай сістэмы сэнсаў, калі гэтая сістэма не ўпісана ў кантэкст боскага Сэнсу. У гэтым плане трэба разумець і эпіграф з Адкрыцця Яна Багаслова да сёмага верша другой часткі (гаворка ідзе пра тое, што Ян не ўбачыў храма ў эсхаталагічным новым Ерусаліме): адказам на разбурэнне чалавечых сэнсаў з’яўляецца боскі Сэнс, адказам на разбурэнне чалавечага храма з’яўляецца сам Бог.
Матыў храма патрабуе яшчэ адной спасылкі – вершазнаўчай. Сама рыфма “храм – Хам” у беларускага чытача асацыіруецца з вядомым вершам А. Сыса “Пан Лес”. У сувязі з гэтым паўстае пытанне пра банальнасць або не-банальнасць дадзенай рыфмы. Банальнай рыфму робіць не гучанне, а семантыка, а менавіта – вычарпанасць семантыкі. Але нам не здаецца, што ў беларускай паэзіі семантыка гэтай рыфмы вычарпана.
Пяты верш другой часткі можа быць зразуметы спрошчана, калі мы зноў жа не зробім неабходнай спасылкі. У савецкай літаратуры любілі супрацьпастаўляць Бога і жыццё. Між тым, наша фраза “Бог ёсць жыццё” – зусім не штамп савецкай паэзіі, а прывычны для хрысціян сімвал веры. Знакаміты тэолаг сучаснасці П. Ціліх дае Богу своеасаблівае імя ў духу экзістэнцыялісцкай тэрміналогіі – само-быццё (быццё-як-такое). Гэтае імя здаецца нам абсалютна адэкватным. Праўда, яно ў кагосьці можа выклікаць асацыяцыі з пантэізмам. “Супраць такога скажэння” накіраваны сёмы верш другой часткі, які падкрэслівае асобасны складнік у нашай канцэпцыі Бога.
